Нядаўна на Аўдыябуксе i Кніжным возе з'явіўся мой новы твор «Надзвычайны дзень народзінаў». Пра яго цудоўна напісалі ў анонсе (дзякуй!), а я хачу дадаць сваё, аўтарскае ✒
«Надзвычайны дзень народзінаў» — гісторыя для дзяцей (не буду называць яе казкай, бо яна без казачных элементаў), але пры гэтым у ёй няма ніводнага дзіцяці. Галоўная гераіня — прынцэса (вось банальнасць...), якой спаўняецца 70 гадоў (а вось гэта нечаканасць!).
Чаму так? Я свядома зрабіла гераіняй бабульку, якой не хочацца святкаваць свой дзень народзінаў. Часам для дзяцей дарослыя — істоты з іншага свету. Асабліва старыя, з іхнімі зморшчынамі, пахамi лекаў, кіямі ды акулярамі. Часцей за ўсё у дзіцячых кнігах ім адводзіцца "абслуговая роля": бабулі пякуць піражкі, дораць падарункі, баюць казкі нанач...
Але ж мы з вамі ведаем, што з гадамі дарослыя не робяцца сухімі і нуднымі ☺ Яны могуць журыцца і гарэзаваць, не любіць святаў і ўчыняць удалыя неспадзеўкі! Нават пад зморшчынамі і сівымі валасамі можна знайсці дзіцё. Калі як след пашукаць...
Мне б хацелася, каб «Надзвычайны дзень народзінаў» дапамог дзецям лепей разумець сваіх бабуляў і дзядуляў. Разрыў у гадах можа быць не такiм істотным, як часам падаецца. Вось такая аўтарская думка.
...Але нешта я развяла сур'ёзныя размовы, а вы можаце паслухаць гісторыю проста для таго, каб пасмяяцца 😁🎉🎂